Зазірнуць за далягляд...
У мастацкім летапісе нашага горада творчасць Лявона Андрэевіча Доўбуша займае асаблівае месца. Мабыць, тут будзе зручмым параўнанне са шчаслівай сустрэчай, на «скрыжаванні», і з узаемным здабыткам: горадам - свайго мастака, мастаком - сваёй галоўнай тэмы.
Калі разважаеш аб тым шляху, які прывёў Лявона на гэтае скрыжаванне, міжволі прыходзяць на думку цудоўныя словы Чэстэртона пра тое, што можна абысці ўвесь зямны шар, а ўрэшце выйсці да свайго саду і толькі тут убачыць усю бясконцую веліч свету. Доўбуш многа падарожнічаў, але ўражанні ад далёкіх краін не прыглушылі, а, наадварот, абвастрылі адчуванне непаўторнасці і своеасаблівасці краю, з якім звязаў яго лёс.
Наш старадаўні горад, заснаваны ў XI стагоддзі, не багаты на помнікі дойлідства далёкага мінулага. Ягонае аблічча, як аблічча чалавека, - жывая тканіна, адзінае і гарманічнае цэлае, у якім кожная рыса адметная. Берасце - адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, які захаваў у сваім цэнтры такую тканіну пабудовы другой паловы XIX першай трэцi XX стагоддзяў. Каб зберагчы яе, трэба перш за ўсё убачыць і адчуць яе сціплую вабнасць.
Дапамагчы нам у гэтым можа якраз дапытлівы позiрк мастака. Ён быццам бы, запрашае нас прыцішыць крок і пазнаёміцца з характарам вуліцы, яе настроем. Якой убачыце вы яе сёння? Заўтра? Крыху ўвагі і чуйнасці, і вуліца адкрые вам свае таямніцы.
Яна запросіць вас у адзін са сваіх двароў. I вы апыняцеся ў незнаёмым свеце. Дамы, якія хаваліся за шырмамі фасадаў, набудуць аб'ём і плоць. Яны нячутна раскажуць вам аб сваіх насельніках, цяперашніх. і былых. Вуліца, дом, - асяродак і часцінка чалавечага жыцця. Таму прысутнасць чалавека заўсёды адчуваецца ў акварэлях Доўбуша, хаця рэдка адначасна знешняй прыкметай. Гэта можа быць постаць прахожага, якая аддаляецца, але часцей - нейкая рэч, што выклікае ўяўленне аб чалавечым вобразе: крэсла,
пакінутае кімсьці на двары, тэлефонная будка на рагу вуліцы. Бясхітрасная, здавалася б, дэталь абуджае фантазію гледача, ператварае архітэктурны матыў у незакончаную навелу, завяршыць якую кожны вольны па-свойму.
I яшчэ адно нязменна прысутнічае ў гэтых акварэлях - прырода, яе стан. Доўбуш, мастак рамантычнага складу, шукае і знаходзіць у прыродзе сугучнасць найтанчэйшым чалавечым перажыванням. Ён аддае перавагу восеньскай пары, калі шэражоўтыя, бурыя фасады будынкаў уступаюць у пераклiчку з хмарным небам, з вохраным лісцем, выяўляючы бясконцую разнастайнасць адценняў у межах адной стрыманай гамы. У гэтую пару прырода як бы паглыбляецца ў роздум, і ноткі трывожнай меланхоліі выразна гучаць у многіх творах. Мастак любіць неяркае рассеянае святло пахмурных дзён, такіх звычайных для Берасця, таямнічы сум вячэрняга прыцемку. Сонца - не часты, але жаданы госць у гэтым загадкавым свеце, і з яго прыходам усё навокал змяняецца. Яно прыносіць ціхі спакой у стары дворык на схіле дня, струменіць бурштынавае святло ў адзін з апошніх спякотных дзён на парозе восені.
Звычайна ў пошуках глыбіні і шматпланавасці вобраза мастакІ звяртаюцца да тэхнікі алейнага жывапісу. Доўбуш лічыць эа лепшае эксперыментаваць э акварэллю, ён цвёрда верыць у яе неабмежаваныя магмымасці. Патрэба ў перадачы матэрыяльнасцг, важкасці 6удынкаўг насычанасці гарадскога асяроддзя падказала зварот да шчыльнай, месцамі амаль пастознай манеры, калі старанна кладзецца кожны мазок, падкрэслiваецца фактурнасць фарбавага пласта. Графічны і жывапісны пачаткі тут цесна перапляліся, па чарзе выходзячы на першы план у тых або іншых лістах серыі. Іншы раз такая тэхніка сваёй фактурай, сплавам рознакаляровых штрыхоў нагадвае пастэль. I ўсё-такі, набыўшы, згодна з задумаю мастака, пераканаўчую канкрэтнасць, стылістыка гэтых твораў захавала ўласцівыя акварэлі, мяккасць і лірызм.
Кампазіцыйная пабудова і каларытнае вырашэнне лістоў, рамантычная ўзнёсласць і адухоўленасць матываў, пэўная ўмоўнасць некаторых твораў нагадваюць аб дачыненні майстра да сферы тэатральнага выяўленчага мастацтва. Як тэатральныя дэкарацыі ствараюць асяродак для творчасці акцёраў, так акварэлі Доўбуша натхняюць гледача на эстэтычнае перажыванне будзённасці, жывяць сабою творчую атмасферу і культурныя традыцыі нешага горада,
Наступнай старонкай у творчай біяграфіі мастака стала серыя твораў «Жыві і помні», прысвечаная трагічнаму лёсу яўрэйскага народа на ўсім працягу яго шматпакутнай гісторыі. Выстава гэтых твораў ужо амаль год падарожнічае па Польшчы, а ў майстэрні Лявона Доўбуша выспявае новая нізка акварэляў пад назвай «Беларускія шляхі». Разнастайныя па каляровай гаме, па ступені абагульненняў ці, наадварот, набліжанасці да канкрэтнага матыву, яны аб'яднаныя філасофскім успрыманнем жыцця, як шляху, настальгіяй па мінуламу і дапытлівым позіркам у будучыню, што чакае за даляглядам...
Ірына ТАРЫМА, мастацтвазнаўца.
На здымках: Л. Доўбуш; (унізе) фотаілюстрацыя аднаго з малюнкаў.
«Народная трыбуна», 15 снежня 1994 г.
|