Закрыть X
Loading Image...
 
Главная Довбуш Л. А. Публикации

БЛІЗКАЕ, УБАЧАНАЕ ЗДАЛЁК

Для таго, каб пазначыць краіны і гарады, куды дарогі прыводзілі ў апошні час брэсцкага мастака Леаніда Доўбуша, відаць, давядзецца, глобус поўнасцю павярнуць вакол восі.
Маляўнічая прырода, велічныя помнікі гісторыі і архітэктуры, шматлікія сустрэчы з людзьмі ў Індыі, Шры Ланка, Мексіцы, Балгарыі, Румыніі, Польшчы, ГДР, на Кубе сталі багацейнай асновай для стварэння ім шматлікіх графічных серый.
Двойчы, вяртаючыся ў 1977 і 1980 гадах з вандровак па Кубе і Індыі, мастак знаёміў мінскіх аматараў мастацтва з плёнам творчага асэнсавання ўбачанага. Больш за 70 графічных аркушаў-пейзажаў, жанравых сцэн, нацюрмортаў, і накідаў, выкананых акварэллю, пастэллю, у змешанай тэхніцы прадстаўлена цяпер на персанальнай выстаўцы «З блізкіх i далёкіх дарог». Разгорнута экспазіцыя ў выставачнай зале Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР.

- Назва выстаўкі выбрана не выпадкова, - гаворыць Л. Доўбуш. - Калі б не было далёкіх шляхоў, не было б і мноства сцяжынак, на якіх нарадзілася вялікая серыя аб людзях, прыродзе роднага краю. Калі большасць замежных работ выканана на месцы як імгненныя адбіткі ўражанняў, то краявіды родных мясцін - блізкае, убачанае здалёк, - як бы ўнутраным зрокам.

Дарогі, знаёмыя з дзяцінства палі і пералескі Прыбужжа, ціхія дворыкі старога Брэста прасякнуты мажорнасцю аўтарскага бачання. Складанасць пачуцця мастак імкнецца перадаць праз такую ж поліфанічную форму. Характэрна ў гэтым сэнсе акварэль «Веласіпедысты». Упэўненым, раскаваным пэндзлем ствараецца атмасфера руху, унутранай і знешняй дынамікі, якая пануе ў прыродзе: хвалююцца пад ветрам сіне-зялёныя льны; на іх фоне імчыць стракатая кавалькада веласіпедыстау; у рэчцы, што сінее ў далечыні, плывуць аблокi.

Добра валодаючы тэхнікай такога далікатнага матэрыялу, якім з'яўляецца акварэль, Л. Доўбуш умее ствараць у графічным аркушы атмасферу пачуцця і думкі, якія прыцягваюць ўвагу гледача. У работах «Пах лета», «Шэры дзень», «Халодная раніца» гаму пачуццяў перадае каларыстычная гама шырокага дыяпазону. Колер у мастака складаны, ён заўсёды штуршок для стварэння карціны. Чыстых колераў амаль няма. У пастэлі «Хлеб убраны» атмасферу жнівеньскай прахалоды і прасторы стварае гама празрыстых гарызантальных і вертыкальных мазкоў залаціста-карычневатага тону. «Асенняя сімфонія» і іншыя лісты, прысвечаныя гэтаму часу года, зусім розныя не толькі па сэнсу, але і па каларыстычным, кампазіцыйным і тэхнічным вырашэнні.

Прырода ў Л. Доўбуша адлюстроўвае рухомы, зменлівы стан чалавечай душы, Яна ачалавечана. У пастэлі «Вяртанне на зямлю» парашутыстаў уладарна прыцягвае восеньская, знешне няласкавая, але такая родная мані-зямля. Гэтая ж зямля ў трывожным вечаровым асвятленні сагрэта нябачнай прысутнасцю чалавека ў рабоце «Кошыкі». Складаныя перыпетыі чалавечага жыцця чытаюцца ў карцінах «Старое і новае», «У двары майго дзяцінства».

Творчыя ўдачы ёсць ў вялікім цыкле акварэлей «Стары Вільнюс». Але тут, на мой погляд, мастак пайшоў па традыцыйным шляху чыста знешняга адлюстравання матываў старажытнага горада, і не дасягнуў раўнавагі паміж выверанай формай і важкім зместам, якая ўласціва работам серыі «Раніца палескай вёскі». Вільнюскі цыкл да таго ж, даволі аднастайны па кампазіцыі, адчуваецца ў ім пэўная зададзенасць, скаванасць. Дэкларацыйная плакатнасць, вар'іра ванне адной і той жа думкі характэрныя для некаторых работ з цыкла «Брэсцкая крэпасць-герой», увогуле эмацыянальнага, прадуманага па форме.

Не толькі эстэтычную, але і пазнавальнуіб каштоўнасць маюць работы, прывезеныя з далёкіх вандровак. Больш за 50 карцін і накідаў складаюць цыкл «Па Індыі». Мастак адкрывае гледачу свет індыйскага дойлідства. Таямнічае, яно захапляе вытанчанымі формамі. Гэта ўражанне цудоўна перададзена ў невялікіх малюнках вугалем, акварэллю «Над мячэцямі», «Разбураны храм», «Дэлі. Кутуб-Мінар». Але галоўнае ў гэтай серыі - людзі. У работах «З горада», «На рынак», «Па дарозе ў Бангалор» дакладнае пластычнае ўвасабленне знайшлі рытм цяжкай працы, мяккіх рухаў жанчын з ношкамі на галовах. Тонка перададзена прыродная грацыя індусаў, якая так уражвае еўрапейцаў. Трапяткія контурныя лініі быццам пульсуюць. З дапамогай толькі двух колераў: белага — паперы і тонкіх зменлівых адценняў карычневага стварае аўтар лаканічны і ў той жа час багаты малюнак. Быццам сама Індыя, з тысячагадовай гісторыяй глядзіць на нас вачамі дзяўчыны з ліста «Архідэі» — імклівы, зграбны абрыс, выкананы цёмнай акварэллю. Для індыйскага цыкла ўвогуле характэрныя прастата, строгасць і абагульненасць кампазіцыйнай пабудовы.

Графічныя аркушы серыі «З кубінскіх уражанняў» вабяць напружаным гучаннем кантрастных, інтэнсіўных колераў і ліній, сугучных прыродзе і палітычнай атмасферы вострава рэвалюцыі. Адценні чырвонага, чорнага, белага і зялёнага колераў у спалучэнні з трывожнасцю барвовага неба і пунсовым сцягам перадаюць у карціне «Крэпасць Манкада» напал рэвалюцыйнага энтузіязму працоўных мас.

У гэтым цыкле ёсць невялікі накід «Старая Гавана», дзе Л. Доўбуш дэманструе добрую тэхніку малюнка і кампазіцыйнай пабудовы. Імклівыя і скупыя карычневыя лініі тушы спынілі імгненне спякотнага дня ў старым горадзе, дзе ўсё выбелена сонцам, а на фоне балкончыкаў, арак і ляпных упрыгожанняў мільгануў, як сведка мінулых стагоддзяў, фаэтон.

«Работы выкананы з вялікім мастацкім густам і майстэрствам. У іх знайшло адлюстраванне глыбокае пачуццё дружбы да кубінскага народа» — запісаў у свой час у кнізе водгукаў, азнаёміўшыся з работамі, сакратар пасольства Кубы ў СССР Гансала Паленсія Мендэс.

Мноства этнаграфічна трапных дэталей у накідах «З мексіканскага альбома».

Персанальная выстаўка

Л. Доўбуша красамоўна сведчыць: у творчую дарогу выйшаў мастак працаздольны, шырокага творчага дыяпазону, які не эамыкаецца ў камерных формах, погляд якога скіраваны ў бок вострасацыяльных, агульначалавечых праблем.

Мікалай КАЗЛОВІЧ.

г. Брэст.

«Лiтаратура i мастацтва», 25 лicтапада 1983 г.


Яндекс.Метрика