ПАМЯЦЬ
БРЭСТ
У 2 кнiгах
Кнiга 2
Мiнск
БЕЛТА
2001
|
Прызнанне ў любові роднай газеце
«Заря» — грамадска-палітычная газета Брэсцкай вобласці. Заснавальнікі: Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, абласны Савет дэпутатаў, калектыў рэдакцыі. Пачала выходзіць у Брэсце 26.9.1939 г. пяць разоў на тыдзень. Разлічана на шырокае кола чытачоў. Асвятляе пытанні грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця вобласці і рэспублікі, міжнародныя падзеі, дае рэкламу. Спачатку газета называлася «Рабочий» (№ 1—68) і з’яўлялася органам Часовага кіравання Брэста. 3 1940 г. (з № 69) выходзіла як орган Брэсцкіх абкома КП(б)Б і аблвыканкома на беларускай мове пад назвай «Зара». У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1.5.1943 г. да 28.7.1944 г. выдавалася падпольна на часова акупіраванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У 1944 — 1962 гг. выходзіла на рускай і беларускай мовах. 25.2.1982 г. «Заря» ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Штогод атрымлівае прэміі за творчы пошук і асвятленне магістральных напрамкаў жыцця і дзейнасці працоўных калектываў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Выходзіць тыражом 45 — 55 тыс. экзэмпляраў. Выпускае рэкламны дадатак «Радуга». 3 верасня 1972 г. газету ўзначальвае галоўны рэдактар Пётр Суцько, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэмій Беларускага саюза журналістаў, Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па друку і інш.
26 верасня 1999 г. споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння нашай «Зари». Узрост і для чалавека не вельмі вялікі, а для газеты тым больш. Больш за 30 гадоў я аддаў «Заре», у тым ліку 27 гадоў на пасадзе галоўнага рэдактара, і лічу іх самымі шчаслівымі. Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але характар «Зари» застаецца ў нечым непаўторным, асаблівым, самабытным. Час і людзі твораць гісторыю. Біяграфія «Зари» арганічна і непарыўна звязана з лёсам нашага роднага краю. За 60 гадоў выйшла 12,5 тыс. нумароў. Як успамінаў першы рэдактар «Зари» Георгій Цярэнцьевіч Мінчукоў, раз на тыдзень у «Рабочим» (так спачатку называлася «Заря») з’яўляліся зменныя палосы на польскай ці яўрэйскай мовах. У горадзе на той час працавала 11 невялікіх прыватных друкарань, якія выконвалі дробныя заказы. Рэдакцыя выбрала «Спулку» — друкарню аб’яднання беспрацоўных наборшчыкаў і друкароў. Такім чынам гэтыя людзі былі працаўладкаваны.
У снежні 1939 г. было прынята рашэнне аб выданні абласной газеты на беларускай мове пад назвай «Зара». Былі зацверджаны яе аб’ём — 4 паласы, фармат — 50 х 84 см, перыядычнасць — 300 нумароў у год, тыраж — 20 тыс. экзэмпляраў. Рэдакцыя размясцілася ў 2-павярховым будынку на вуліцы К.Маркса. Унізе было службовае памяшканне, другі паверх адвялі пад кватэры рэдактару і тром журналістам. Вядома, усе работнікі і маёмасць «Рабочего» перайшлі да «Зари». Рэдактар газеты «Рабочий» А.М.Рабіновіч стаў загадчыкам аддзела прапаганды, яго намеснік А.Г.Ражанец — загадчыкам партаддзела. ЦК КП(б)Б зацвердзіў штат творчых і тэхнічных работнікаў з 40 чалавек. Але з кадрамі прафесійных журналістаў у той час было вельмі туга. Паступова ўсё наладзілася, але хутка прыйшла на нашу зямлю вайна. Брэстчына была акупіравана, устанавіўся жорсткі фашысцкі рэжым. Раўчукі народнага гневу зліваліся ў магутную раку, якой неабходны быў «маяк». Ім зноў стала «Заря». 3 1943 г. яе ўзначаліў Васіль Фёдаравіч Калібераў. Разам з ім у Спораўскія балоты былі закінуты і выпускалі «Зарю» юная партызанка Наталля Логвіна, сібірак Аляксандр Прыпотнеў (яны і пасля вайны заставаліся душой і сумленнем нашага калектыву). Газета-партызанка адкрыла для чытачоў імя нашага земляка паэта-самародка Міколы Засіма.
У першыя дні вайны загінулі загадчык аддзела прапаганды Арон Рабіновіч, загадчык прамысловага аддзела Якаў Зарэцкі, старшы карэктар Аксана Яшкіна. Сакратару рэдакцыі Міхаілу Краснакуцкаму ўдалося выбрацца з горада, але ў Рэчыцы, куды ён дабраўся да бацькоў, яго дагнала фашысцкая куля. Студэнты Мінскага камвуза журналістыкі Генадзь Будай і яго жонка Ніна Кацяшова, якія праходзілі ў «Заре» практыку, змаглі на сялянскіх калёсах выехаць з горада. Пасля пешшу лясамі дабраліся да Дзяржынска. Уступілі ў партызанскі атрад. Н.Кацяшова была сувязной з Мінскім падполлем і загінула ў гестапаўскіх засценках.
Пасляваенныя гады... Які гэта быў энтузіязм, радасць жыцця. I смутак па тых, хто не вярнуўся з вайны, і жаданне працягнуць іх справы. Пра ўсё гэта расказвалі старонкі «Зари». У рэдакцыю прыйшлі людзі, за плячыма якіх былі ваенныя дарогі. Сярод іх Зіновій Ільеўскі, Іван Левічаў, Павел Спірыдонаў, Барыс Каган, Мікалай Юркевіч, Міхаіл Кучук, заслужаны работнік культуры Беларусі Алена Шылава, Яўген Макарчук.
У тыя гады «Заря» выходзіла на беларускай і рускай мовах. Паступова тыраж газеты на роднай мове скараціўся, і з 1962 г. яна стала выходзіць толькі на рускай мове.
Шлі гады. Прыходзілі новыя супрацоўнікі, розныя па ўзросце і творчым багажы, але заставаліся ў калектыве падзвіжнікі, сумленныя, мужныя людзі.
У розныя гады рэдакцыяй кіравалі таленавітыя людзі, фанатычна ўлюбёныя ў сваю справу. Пасля В.Ф.Каліберава газету ўзначальвалі І.К.Хрысціч, В.П.Цяртычны, больш за 10 гадоў — ветэран вайны І.А.Чарняўскі.
Я прыйшоў у «Зарю» па запрашэнні рэдактара Васіля Аляксандравіча Каленчыца. Гэта быў цудоўны, высокаадукаваны, тактычны чалавек, светлая асоба і патрабавальны рэдактар...
Сёння ў рэдакцыі працуюць журналісты, якія аддалі газеце, як кажуць, усё свядомае жыццё. Гэта заслужаны работнік культуры Беларусі Пётр Елец, рэдактары аддзелаў Вольга Барадзіна, Пётр Піліпчук, Міхаіл Кукса, карэспандэнты Іван Буцько, Адэліна Чабанюк, Уладзіслаў Равіцкі.
П.П.Суцько.
|