ПАМЯЦЬ
БРЭСТ
У 2 кнiгах
Кнiга 2
Мiнск
БЕЛТА
2001
|
«Заря» змагаецца
3 успамінаў В.Ф. Каліберава, былога рэдактара падпольнай газеты «Заря»
КАЛІБЕРАЎ Васіль Фёдаравіч, нарадзіўся 6 красавіка 1919 г. у в. Петухоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Закончыў Магілёўскі газетны тэхнікум, Мінскую рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага. 3 1935 г. працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам сельгасаддзела Чавускай раённай газеты. У 1939 г. прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Пасля ўзначальваў Косаўскую раённую газету, працаваў карэспандэнтам пінскай абласной газеты «Палеская праўда».
У першыя дні вайны добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. У 1942 г. адкліканы ў Маскву ў распараджэнне Беларускага партызанскага штаба, адкуль быў накіраваны на Віцебшчыну карэспандэнтам газеты «Савецкая Беларусь». 3 1943 г. узначаліў брэсцкую абласную падпольную газету «Заря». Пасля вайны рэдактар «Зари», карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда», рэдактар полацкай абласной газеты «Знамя коммунизма», Аршанскай гарадской і Любанскай раённай газет. Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР, быў на партыйнай і гаспадарчай рабоце.
Вайна спыніла творчы поступ «Зари». Аднавілася яна толькі вясной 1943 г. Да гэтага часу насельніцтва, партызаны, падпольшчыкі адчувалі інфармацыйны голад. Іншы раз іх радавалі савецкімі газетамі, лістоўкамі ваенныя разведчыкі, савецкія лётчыкі. У Маскве выходзіла рэспубліканская газета «Савецкая Беларусь», але яна не магла цалкам забяспечыць попыт партызан і насельніцтва на савецкі друк. Інфармацыйны голад быў пераадолены, калі па рашэнні ЦК КП(б)Б пачалі выдавацца абласныя, раённыя і іншыя антыфашысцкія выданні, на акупіраваныя тэрыторыі закідваліся радыёстанцыі для партызанскіх атрадаў і падпольшчыкаў. Дзейнасць падпольных партыйных камітэтаў і іх органаў друку на месцах патрыёты параўноўвалі з дальнабойнай зброяй для падаўлення фашысцкай прапаганды, для выратавання народа ад фашысцкага вынішчэння. У мабілізацыі мас на партызанскую барацьбу рашаючую ролю адыграў ЦК КП(б)Б на чале з яго першым сакратаром П.К.Панамарэнкам. На прыёме перад адпраўкай у тыл ворага нам, членам Брэсцкага абкома партыі, П.К.Панамарэнка нагадаў загад І.В.Сталіна аб неабходнасці ўзняць народы акупіраваных рэспублік і абласцей на пераможную вайну супраць нямецкіх захопнікаў. Сярод прысутных на размове ў П.К.Панамарэнкі я быў самы малады, мабыць таму ён звярнуўся да мяне: «Паважаны рэдактар, вось пераможам акупантаў, тады працягнеце вучобу». Хвіліну падумаў, усміхнуўся: «Буду чакаць вас, таварышы, вяртайцеся з перамогай».
У партызанскую зону я прыбыў з Масквы разам з С.І.Сікорскім — сакратаром абласнога камітэта партыі. Членамі падпольнага камітэта былі І.І.Баброў, А.М.Драздоў, С.Ф.Пацяруха, А.А.Федасюк. Акрамя мяне ў рэдакцыі падпольнай газеты «Заря» працавалі партызаны А.М.Прыпатнеў, А.І.Сіроцін. Друкарскую справу вялі Н.К.Логвіна, якая прыбыла з Масквы, партызан Р.М.Жураўлёў. Спачатку мы жылі і працавалі ў зямлянках. Выпускалі газеты ў вячэрнія і начныя часы пры цьмяным святле газнічак. Кожныя дзень і ноч мы прымалі паведамленні Саўінфармбюро, розную інфармацыю аб жыцці ў савецкім тыле і за мяжой.
А.М.Прыпатнеў займаўся прыёмам зводак і адначасова вёў журналісцкую работу. Ён клаўся спаць пазней за ўсіх, таму што перадачы ТАСС для абласных газет вяліся ў асноўным ноччу. Паліграфісты заўсёды хутка і якасна набіралі і друкавалі газеты, лістоўкі. Для падпольшчыкаў мелася спецыяльная партатыўная друкарская машына. Яна бездакорна дзейнічала ў руках партызанскіх наборшчыкаў. Выпускалася «Заря» два разы на тыдзень. Чытачы атрымлівалі газету на другі дзень пасля выхаду яе ў свет і з нецярплівасцю чакалі наступнага нумара. Тыраж газеты быў невялікі, паперы не хапала, таму кожны экзэмпляр зачытваўся да дзірак. Яго чыталі ў гарадах, вёсках, партызанскіх атрадах. Насельніцтва падтрымлівала газету, дапамагала набыць паперу, паліграфічныя матэрыялы.
Патрыёты, рызыкуючы жыццём, пранікалі ў нямецкія друкарні і выносілі з іх усё, што патрабавалася для выхаду газеты. На старонках «Зари» рэгулярна друкаваліся зводкі Саўінфармбюро, пісьмы расказы сведкаў фашысцкіх злачынстваў, паведамлялася пра жыццё няшчасных, якія трапілі на катаржныя работы ў Германію. Рэдакцыя мела шматлікі актыў. Камандзіры, камісары, радавыя байцы, падпольшчыкі лічылі за гонар пабываць у рэдакцыі, асабіста ўручыць ёй матэрыялы для публікацыі. Пасля вяртання з баявых заданняў члены абкома партыі заходзілі да нас з канкрэтнымі прапановамі, сваім роздумам.
Па просьбе П.К.Панамарэнкі я рэгулярна пасылаў яму кожны нумар абласной падпольнай газеты««3аря» і лістоўкі. Ён часта ўдакладняў данясенні аб партызанскай барацьбе на Брэстчыне па матэрыялах, змешчаных на старонках «Зари». Паведамленні і пісьмы актывістаў друкаваліся пад рубрыкай «Нам піша народ, які змагаецца».
Журналісты «Зари» штодзень сустракаліся з народнымі мсціўцамі, падпольшчыкамі. Мне, напрыклад, запомнілася камандзіроўка ў Кобрынскі і Антопальскі раёны. Разам з сакратаром абкома камсамола Ф.Д.Ромам пабывалі за два ліпеньскія тыдні 1943 г. у многіх атрадах і вёсках. Прачыталі дзесяткі дакладаў пра становішча на франтах, у вобласці, рэспубліцы. Сустракаліся з людзьмі не толькі днём, але і ноччу. На сходах прысутнічалі сотні вясковых жыхароў. Іх думкі, роздум, просьбы дапамагалі рэдакцыі на працягу доўгага часу весці рубрыку «Патрыёты змагаюцца, абараняюць Саветы». Брэстчына змагалася і мела свой баявы цэнтр. Партызаны і падпольшчыкі называлі яго «сталіцай», якая брала прыклад з абаронцаў Брэсцкай крэпасці.
Пад партызанскай «сталіцай» падразумявалася ўрочышча Хаваншчына. Каб дабрацца да яго, патрэбна было пераадолець больш за 30 кіламетраў бездарожжа. Тут на кавалачку зямлі, акружаным лясамі, балотамі, канавамі, бурліла жыццё. Сюды з усіх куткоў вобласці прабіраліся праз балотную дрыгву сувязныя з баявымі данясеннямі, кіраўнікі атрадаў, пасланцы вёсак і гарадоў, каб сустрэцца з камандаваннем партызанскага злучэння на чале з сакратаром падпольнага абкома партыі С.І.Сікорскім.
Партызанская «сталіца» пасылала ў атрады загады, звесткі пра баявыя аперацыі. Гітлераўцы неаднаразова імкнуліся знішчыць баявы цэнтр, але кожны раз сустракалі рашучы адпор народных мсціўцаў, у радах якіх налічвалася каля 11 тыс. байцоў. Яны мелі сучасную зброю як захопленую ў баях з акупантамі, так і дастаўленую самалётамі з Вялікай зямлі. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці дзейнічаў аэрадром і пасадачна-ўзлётныя пляцоўкі. Паветраныя масты партызанскі край — Масква працавалі з пачатку іх з’яўлення і да канца акупацыі, што дапамагала выстаяць у складаных умовах партызанскай барацьбы. Прыкладам можа служыць блакада Хаваншчыны, дзе знаходзіліся падпольны абком партыі, абласны штаб партызанскага руху, падпольная газета «Заря», абком камсамола, санчасць і іншае. На шляхах да Хаваншчыны 17 дзён не спыняліся баі. Гэта было ў красавіку 1944 г. Партызаны змагаліся з армейскімі часцямі ворага, які меў на ўзбраенні бронемашыны, танкі, пікіруючыя самалёты, найноўшую стралковую зброю. Народныя мсціўцы не толькі выстаялі, але прымусілі фашыстаў з ганьбай адступіць. На полі бою засталіся сотні забітых гітлераўцаў.
У баях за свабоду Радзімы, за яе гонар загінулі смерцю герояў многія байцы і камандзіры. Аднак нашы страты былі значна меншыя, чым страты праціўніка. Брэстчына змагалася і не дапусціла карнікаў у партызанскую «сталіцу». Яе байцы і камандзіры грамілі ворага да поўнага вызвалення савецкай зямлі каля Буга. 29 ліпеня 1944 г. газета «Заря» павіншавала ўсіх з вызваленнем Брэстчыны ад фашыстаў. Сотні воінаў партызанскіх атрадаў і брыгад уліліся ў рады франтавікоў і працягвалі змагацца да поўнай перамогі. Для газеты «Заря», як і для ўсяго насельніцтва вобласці, рэспублікі, пачаўся перыяд аднаўлення разбуранай гаспадаркі. |