Открытое акционерное общество «Завод гидравлического машиностроения» |
Заснавана ў 1940 г. у Кобрыне як машынна-трактарная майстэрня (МТМ). Ажыццяўляла рамонт трактарных рухавікоў, агрэгатаў аўтамабіляў. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны было завершана будаўніцтва 1-й чаргі завода, здадзены ў эксплуатацыю машынна-сілавое, маторнае і разборна-зборнае аддзяленні, механічны цэх, выпрабавальная станцыя, склады, заводаўпраўленне. У час адступлення гітлераўцы вывезлі абсталяванне і электрастанцыю, узарвалі машынна-сілавое аддзяленне. МТМ аднавіла працу ў верасні 1944 г. пасля вызвалення Кобрына. Яе рабочыя (25 чалавек) адбудавалі электрастанцыю, якая забяспечвала электраэнергіяй горад, дапамагалі ў зварачных работах на аднаўленні разбуранага моста цераз Мухавец. У 1945 г. пачалі рамантаваць сельскагаспадарчую тэхніку, у канцы 1946 г. уведзены ў строй чыгуналіцейны ўчастак. Восенню 1947 г. МТМ рэарганізавана ў міжраённую майстэрню капітальнага рамонту (ММКР). У 1948 г. яна мела 3 участкі: механічны, ліцейны і маторны, дзе ажыццяўляўся капітальны рамонт аўтамабільных і трактарных рухавікоў, пазней быў асвоены выпуск калёс для счэпаў С-11, пультаў для прасушкі збожжа, пярэдніх калёс для трактароў і інш. У 1949 г. ММКР рэарганізавана ў рамонтны завод, якому былі перададзены памяшканні і пабудовы былой Кобрынскай машынна-трактарнай станцыі: галоўны рамонтны корпус, гараж, кацельня, воданапорная вежа і інш. Яны былі пераабсталяваны пад вытворчыя плошчы аўтарамонтнага прадпрыемства. 3 1959 г. завод праводзіў капітальны рамонт аўтамабіляў ГАЗ-51, іх рухавікоў, пярэдніх і задніх мастоў, каробак перадач, рулявога кіравання. Было адрамантавана 43 машыны. У той час на заводзе працавала 219 чалавек. Працягвалася асваенне новых відаў прадукцыі: стэндаў для рамонту абсталявання жывёлагадоўчых ферм, эстакад для разборкі і зборкі аўтатрактарных рухавікоў. Гэтыя вырабы пастаўляліся ў саюзныя рэспублікі краіны, асобныя ішлі на экспарт. У 1967 г. пабудаваны новы ліцейны ўчастак з вытворчай плошчай больш за 1100 м2, які даваў штогод 1000 т чыгуннага ліцця. 3 1972 г. завод спецыялізаваўся на рамонце грузавых аўтамабіляў ГАЗ усіх мадыфікацый. Пасля рэканструкцыі ў 1976 г. узведзены галоўны вытворчы (плошча 13 тыс. м2) і 4-павярховы адміністрацыйна-бытавы карпусы, кампрэсарная і кацельня, якая забяспечыла цяплом і гарачай вадой шэраг прадпрыемстваў і жылых дамоў горада. 3 1997 г. таварыства «Гідрамаш» стала акцыянерным. 3’яўляецца буйнейшым у Рэспубліцы Беларусь прадпрыемствам па выпуску гідрацыліндраў. Асноўныя спажыўцы прадукцыі - Мінскія аўтамабільны і трактарны заводы, Гомсельмаш, Лідсельмаш і інш. У 1997 г. асвоены выпуск культыватараў, седлавых канструкцый для велікагрузных аўтамабіляў.
Памяць. МІНСК БЕЛТА 2002 стар.407
Public joint-stock company «Hydraulic Equipment Plant» |