Закрыть X
Loading Image...
 
Главная Довбуш Л. А. Публикации

СВЯТА БРАТЭРСТВА

«Фестываль на Кубе i выстаўка пра Кубу. Цудоўна!» Так лаканічна, але дакладна выказаў свае ўражанні адзін з наведвальнікаў выстаўкі работ брэсцкіх мастакоў Леаніда Доўбуша і Уладзіміра Пашкова, якія яны стварылі на Кубе.

Многія з твораў захавалі сляды таропкай натхнёнай працы, калі мастак імкнецца перадаць на паперы першае, часам найбольш моцнае ўражанне ад сустрэчы з незвычайным. I гэта надае работам асаблівую праўдзівасць, быццам ты сам для сябе адкрыў тую ці іншую мясціну, ці архітэктурны помнік, цікавага чалавека.

Акварэлі і графічныя лісты Л. Доўбуша вызначаюцца менавіта такой непасрэднасцю і шчырасцю, цеплынёй каляровай гамы. Багацце кубінскіх фарбаў ажывае ў яго рабоце «Восень у Варадэра», празрыстасць і цішыня ахутала «Дом Веласкеса». Позірк мастака спыняецца на куточку старой Гаваны, і ў параўнанні з ім асаблівую выразнасць набывае дзень сённяшні з яго адметным рытмам: мы бачым будаўнікоў чыгункі, якую нашы сябры назвалі «кубінскім БАМам».

Асабліва хвалюе сваім драматызмам графічны ліст «Крэпасць Манкада». Менавіта тут пачалася барацьба за свабоду, тут Фідэль Кастра і яго сябры паклалі пачатак рэвалюцыі. Гэтая работа, выкананая ў чорна-бела-чырвонай гаме. успрымаецца як сама хроніка змагання, добра перадае веліч подзвігу маладых рэвалюцыянераў, якія амаль без зброі пайшлі на штурм крэпасці, што стала сімвалам дыктатуры. Побач яшчэ адна работа «Кветка Кубы»: малады і шчаслівы твар - нібы сімвал будучыні, народжанай рэвалюцыяй.

Уладзімір Пашкоў убачыў востраў Свабоды пасвойму. У яго няма таго буйства фарбаў, якое ўласціва работам яго калегі, але ёсць спроба асэнсаваць убачанае, імкненне надаць нават прыродзе сімвалічнае гучанне. Такія работы — «Дрэва Сейба», «Мачэтэра», «Спячы буйвал». «Санта Марыя» і іншыя.

Выстаўка атрымала высокую ацэнку шматлікіх наведвальнікаў — брастаўчан і гасцей пагранічнага горада.

«Мы з Рыгі. — прадстаўляецца сям'я Калыньш. - I былі прыемна здзіўлены ўвагаю брэсцкіх мастакоў да вострава Свабоды, удзячны ім за выстаўку, якая яшчэ бліжэй пазнаёміла нас з гэтаю прыгожаю краінаю».
Л. Доўбуш. «Кветка Кубы».

«Некалькі гадоў мы працавалі на Кубе і палюбілі гэтую краіну, — пішуць інжынеры з Масквы Іванчанка і Баброў. — I тут, на выстаўцы, мы зноў сустрэліся з добра знаёмымi гарадамі і мясцінамі, быццам зноў убачылі сваіх кубінскіх сяброў і таварышаў. Ад усяго сэрца ўдзячны мастакам за падараваную радасць, за магчымасць зноў пабываць на Кубе.

Такіх запісаў дзесяткі - зацікаўленых, добразычлівых. Усё мацнее дружба паміж кубінскім і нашым народамі, усё пашыраюцца ўзаемныя сувязі. Прыкладам таму і выстаўка Леаніда Доўбуша і Уладзіміра Пашкова, іх рашэнне падарыць свае лепшыя работы кубінскім сябрам.

Рыгор БАКІЕВІЧ,
загадчык літаратурнай часткі
Брэсцкага драматычнага
тэатра імя ЛКСМБ.

«Лiтаратура i мастацтва», 25 жнiўня 1978 г.


Яндекс.Метрика